Тэкст з "Вольнага архіва": "Альбом “Гойкнуў баравік” быў выдадзены Алесем Камоцкім у 2000 г. на аўдыякасетах вельмі малым, можна сказаць, андэграўндным накладам. Касетнае выданне даўно стала рарытэтам.
“Гойкнуў баравік” ― гэта народныя спевы ў акапэльным выкананні Рыгора Барадуліна; усяго 56 дарожак агульнай працягласцю 49 хвілін. Гэта песні і прыпеўкі, калісьці вывучаныя паэтам на ягонай малой радзіме ― Вушаччыне. Адпаведна, альбом уяўляе пэўную цікавасць з этнаграфічнага гледзішча; ён можа дапоўніць уяўленне пра спеўную культуру Падзвіння. Цікавасць трошкі ўзмацняецца тым, што спевы ― часта немужчынскія ― выконвае мужчына. Бо калі браць этнаграфічныя запісы песень, то мужчынскіх галасоў у іх прадстаўлена значна менш, чым жаночых ― прынамсі, што датычна поўначы Беларусі."