Пераклад Бібліі на беларускую мову з моваў арыгінала. Гэтую працу ажыццявіў пастар Антоні Бокун, перакладаючы Стары Запавет з іўрыта, а Новы Запавет — з грэчаскай мовы. Новы Запавет — пераклад са старажытнагрэчаскай мовы паводле Greek New Testament: Stephanus Textus Receptus, 1550. Кнігі Старога Запавету былі перакладзены з масарэцкага тэксту Biblia Hebraica Stuttgartensia, 1990.
Выданне — 1762 старонкі тэксту, але тонкая папера, удала абраны фармат і добра чытэльны шрыфт робяць кнігу зручнай для карыстання.
Пераклад біблейскіх тэкстаў заняў, як сведчыць сам перакладчык у прадмове, 12 гадоў, з 2011 да 2023 гг. Апроч уласна біблейскага тэксту і прадмовы перакладчыка, у выданні змешчана “Прадмова доктара Францыска Скарыны з Полацку да ўсёй Бібліі на беларускай мове”. А замест пасляслоўя аўтар перакладу падае гісторыю беларускіх перакладаў Бібліі, з якой чытач даведваецца, што “на сённяшні дзень беларусы маюць у друкаваным выглядзе 4 пераклады поўнай Бібліі і 10 перакладаў усяго Новага Запавету”.